39 ГАДОЎ ЧАРНОБЫЛЯ
- pepper
- 12 minutes ago
- 2 min read
26 красавіка 1986 года здарылася самая вялікая ў сьвеце радыяцыйная тэхнагенная катастрофа. У выніку халатнасьці пэрсанала ўзарваўся рэактар савецкай атамнай электрастанцыі ў Чарнобылі ва Украіне на мяжы зь Беларусяй. Вецер дзьмуў у бок Беларусі, і 70% радыёактыўных ізатопаў аселі на беларускай тэрыторыі. У гэты ж час расейцы асадзілі з прымяненьнем авіяцыі радыяцыйныя воблакі на раёны Магілеўскай вобласьці, бо думалі, што воблакі могуць паплысьці ў Расею і на Маскву.
Саветы адразу засакрэцілі катастрофу, каб беларусы нічога ня ведалі. Адпаведна савецкія ўлады не забясьпечылі народ лякарствамі і таблеткамі ёдзістага калія (пратэктар ад радыёактыўных ізатопаў ёду). У выніку цэлае пакаленьне беларусаў атрымала моцны радыёактыўны ўдар. Шмат людзей памерла. Тысячы захварэлі. І так было да канца 1988 года, пакуль ні ўтварыўся Беларускі Народны Фронт.
БНФ узяў на сябе арганізацыю і ўвесь цяжар барацьбы за адкрыцьцё праўды пра Чарнобыль і за выратаваньне людзей ад радыяцыі. Фронт гэта зрабіў. Усё, што здабыта ў ахове людзей ад радыяцыі -- гэта, перш за ўсё, заслуга Фронта. БНФ стварыў дзьве арганізацыі "Дзеці Чарнобыля", якія займаліся аздараўленьнем дзяцей і ратаваньнем іх ад радыяцыі.
Таксама па ініцыятыве і па напрацоўках дэпутацкай Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце было створана заканадаўства па Чарнобылю, накіраванае на паратунак і ахову людзей ад радыяцыі. Таксама Народны Фронт арганізаваў дапамогу з боку міжнароднай супольнасьці беларускім людзям і беларускім тэрыторыям, пацярпелям ад радыяцыі.
Потым усе гэтыя дасягненьні нішчыў і зьнішчаў рэжым Лукашэнкі.
Сёньня, у выніку памылковай энэргетычнай палітыкі, сьвет зноў зьвяртаецца да прыярытэту атамнай энэргетыкі. І мы, беларусы, застаемся адзін на адзін з савецкім Чарнобылем. Чарнобыль нікуды ня дзеўся. Гэта так. Але мы, беларусы, пераможам Чарнобыль палітычны (лукашызм) і Чарнобыль радыёактыўны. Гэта пытаньне нялёгкае, але недалёкага часу. Перамога будзе за намі. Беларусь жыве і будзе жыць!
26 красавік 2025 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
------------------------
Пост скрыптум.
Ніжэй лінк відэа пра Чарнобыльскую катастрофу: