top of page

АБ ВЫЗВАЛЕНЬНІ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ У БЕЛАРУСІ (Р Э Л І З)

Праблема вызваленьня беларускіх палітвязьняў застаецца самым вострым пытаньнем на сеньняшні дзень. Тысячы людзей кінутыя за краты па сфабрыкаваных абвінавачваньнях. У рэчаіснасьці іх можна лічыць закладнікамі ў руках антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі. Кожны дзень людзі ў зьняволеньні праходзяць праз псіхалагічныя і фізічныя бесчалавечныя катаваньні. Улада выкарыстоўвае сістэмную палітыку па адмысловаму ўздзеяньню на людзей, пазбаўленых свабоды з прычыны іх палітычнай актыўнасьці і гэта прыводзіць да сур’езных праблем са здароў’ем, калецтвам і забойствам. Мы маем дачыненьне ня толькі з фактам палітычных рэпрэсій, але з генацыдам супраць беларускага грамадзтва, як культурнага, так і этнічнага, які праводзіцца прарасейскім рэжымам Лукашэнкі ў інтарэсах Масквы. Мэта апошняй – сістэмная дэбеларусізацыя рэспублікі Беларусь.

На нашу думку да гэтага часу так і не была сфармаваная ясная канцэпцыя, план дзеяньняў скіраваны на вызваленьне беларускіх палітвязьняў. Апошнія чатыры гады паказалі, што практычныя дзеяньні зводзяцца да агульных заяваў і папулістычных патрабаваньняў, якія ніяк не ўплываюць на сітуацыю ў Беларусі.

Кіраўніцтва Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь" лічыць патрэбным пазнаёміць грамадзтва са сваёй пазыцыяй і падыходам да задачы вызваленьня палітвязьняў. Мы сцьвярджаем, што вызваленьне палітвязняў у Беларусі ёсьць агульнанацыянальнай беларускай неабходнасьцю і спадзяемся на рэалістычны падыход, разуменьне і падтрымку з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі і Эўрапейскіх краін


Пазыцыя Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь":


1. НВР "Вольная Беларусь" стаіць на пазыцыях права і дэмакратыі і патрабуе вызваленьня з турмаў рэжыма Лукашэнкі ўсіх палітвязьняў, незалежна ад іхнай палітычнай арыентацыі.

Неабходна зазначыць, што ў выніку рэпрэсій за кратамі апынуліся таксама публічныя асобы і палітыкі, якія пад час выбарчай кампаніі 2020 году стаялі на прарасейскіх пазіцыях, але адначасова выступалі супраць рэжыму Лукашэнкі. Арыентацыя на Расею, чым бы яна не тлумачылася, супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі і стала прычынай крытычных выказваньняў у дачыненьні да такіх асбаў.

Тым ня менш, мы, прадстаўнікі НВР, лічым, што, зыходзячы з прынцыпаў права і прававой дзяржавы, якую мы хочам адбудаваць, палітычная матывацыя заключэньня ў турму не справядлівая, не адпавядае правілам дэмакратыі і ня можа падмяняць заканадаўства. Усе палітвязьні павінны быць вызваленыя.

Палітычная матывацыя дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі аб арышце і асуджэньні людзей зыходзіла з пагрозы для асабістай улады Лукашэнкі.


2. Паводле сьведчаньняў і зьвестак, якімі мы валодаем, мы сцьвярджаем, што прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі стварыў адмысловы тып турмы для беларускіх палітвязьняў, якая ўключае ў сябе вырабленыя фізычныя і псіхічныя катаваньні людзей, пазбаўленьне іх здароўя і жыцьця. (Некаторыя вязьні былі забітыя альбо памерлі ў турме ад пабояў.) Прытым арышты адбываюцца кожны дзень. Створана сістэма схаванага генацыду беларусаў.


3. Шляхам рэпрэсій і выкарыстаньня пенітэнцыярнай сыстэмы адбываецца закамуфляваны генацыд беларускага народа. Палітвязьні у Беларусі асуджаныя шляхам палітычных рэпрэсіяў незаконна, па прыдуманных абвінавачаньнях. Яны зьяўляюцца, фактычна, палітычнымі палоннымі і закладнікамі рэжыму -- ахвярамі расейскай акупацыі і гібрыднай вайны супраць беларускага народа.

Улічваючы асаблівую небясьпеку для жыцьця і здароўя палітвязьняў у турмах Лукашэнкі, мы сцьвярджаем, што чалавек ёсьць найвышэйшай жыцьцёвай каштоўнасьцю і настойваем на неабходнасьці вызваленьня беларускіх палітвязьняў усімі даступнымі спосабамі.

Сцьвярджаючы тэзіз «вызваляць палітвязьняў усімі даступнымі спосабамі», мы чуем і падтрымліваем заклік людзей, якія маюць перадусім маральнае права выказвацца ў пытаньнях вызваленьня палітвязьняў. Гэта беларусы, якія адбылі свае тэрміны і выйшлі на волю (колішнія палітвязьні) і сваякі вязьняў, што якраз цяпер пакутуюць у турмах.


4. Дзеля вызваленьня палітвязьняў (улічваючы ўмовы гібрыднай вайны) мусіць быць кантакт і перамовы прадстаўнікоў эўрапейскіх структураў са злачынным рэжымам Лукашэнкі, па розных аспэктах абмену і дзеяньняў па выратаваньні вязьняў у тым ліку дамоўленасьці на выпушчэньне палітзьняволеных у абмен на частковые, кропкавае зьняцьцё эканамічных санкцыяў, якія могуць быць рознага ўзроўню і маштабу у інтарэсах Беларускага народа і насуперак агрэсіўнай палітыцы Масквы. Гэта магчыма пры актыўнай палітыцы заходніх краін.

Варта зазначыць, што эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі па факце пераўтварыліся ў маштабныя санкцыі супраць дзяржавы і Беларускага народа, яны ня толькі не апраўдалі сябе, але спрыялі ізаляцыі Беларусі, усебаковай расейскай дамінацыі над Беларусяй, выклікалі паварот нацыянальнай эканомікі, гандлю і настрояў грамадзтва ў бок Расеі, аслабілі дэмакратычныя праэўрапейскія прыхільнасьці людзей, былі вынікам непрадуманай эўрапейскай палітыкі.


5. Лічым неабходным падкрэсьліць што прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі накіраваны на зьнішчэньне беларускай культуры, беларускай мовы і беларускай ідэнтычнасьці, зьяўляецца антынацыянальным па сваёй сутнасьці і ўзьнік у 1994 годзе як вынік унутранай гібрыднай акупацыі Беларусі Расеяй.

Беларускім народам і міжнароднай супольнасьцю ўлада Лукашэнкі не прызнаная законнай і легітымнай. Лукашэнка ёсьць узурпатар улады ў Беларусі.


19 лістапад 2024 г.

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят

Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь".

Anchor 1
bottom of page