На мой погляд мастацкі геній -- гэта творца, які мае ў душы і сэрцы спагаду і жаль да людзей, да народа, да чалавека і выяўляе тое ў сваім мастацтве ў вобразах дасканалага хараства. Бо жаль -- гэта ёсьць найвялікшая любоў, якой напоўніцу валодае толькі Бог і дзеліцца ёй, пасылаючы людзям генія. Геніяльнасьць -- гэта катэгорыя дабра.
За апошнія сто гадоў беларусы мелі трох такіх геніяў шчымлівай любові незвычайнай моцы і прыцягненьня -- Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Уладзімера Мулявіна, душы якіх былі поўныя жалю да люду, спагады да краю і міласьці да красы. Прытым два зь іх вярнуліся са змроку Расеі -- адзін сацыяльна, другі генэтычна, -- і нацыянальна ўваскрэсьлі ў Беларусі.
Бачыў я ня раз ў сваім жыцьці, як пры глыбокім сутыкненьні з творчасьцю Купалы і Багдановіча людзі зьмяняліся, сьвятлелі, і тады мова і Беларусь пасяляліся ў сэрцы. Такое геніяльнае прасьвятленьне адбылося ў Беларусі з Уладзімерам Мулявіным найперш пад уплывам творчасьці Янкі Купалы і беларускага народнага меласу.
Пра высокую оперную творчасьць Мулявіна падрыхтавана для беларусаў за мяжой пазнаваўча-асьветніцкая лекцыя Галіны Пазьняк. 13-га кастрычніка чытаньне адбылося ў Беларускім Доме ў Варшаве.
Лекцыя прысьвечана рок-опэры Мулявіна "Песьня пра долю" (паводле драмы "Адвечная песьня" Янкі Купалы) . Вось тут, у гэтай купалаўскай драме, Мулявін-кампазітар стварыў музычны шэдэўр, пранікся той найвялікшай купалаўскай спагадай да селяніна-мужыка -- працаўніка і творцы, які ўзвышаны паэтам да вобразу зборнага чалавека працы, змушанага жыць у несвабодзе. Доля-лёс гэтага чалавека ў несвабодзе трагічная, і трагедыя, як ў грэкаў, ўзвышаецца да касьмічнага ўразуменьня.
Ніжэй два відэа-запісы з чытаньня.
15 кастрычнік 2022 г.
Зянон Пазьняк