top of page

30-я ГАДЫ СТАЛІНШЧЫНЫ ЎЖО ТУТ. АКУПАЦЫЙНЫ ЭТАП ВЫНІШЧЭНЬНЯ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ

Сяргей Навумчык:

Судзяць за «беларускі нацыяналізм» і «мэту зьмяніць дзяржаўную ўладу». Беларусь вярнулася у 1930-я

-----------------------------

Начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Сяргей Паско паведаміў зьмест абвінавачаньня, выстаўленага Паўлу Белавусу. Гэтае абвінавачаньне выводзіць масавыя рэпрэсіі на новы ўзровень.


А дакладней, цяпер ужо цалкам, без усялякіх перабольшваньняў, якасна і сутнасна прыраўноўвае іх да бальшавіцкіх энкавэдысцкіх рэпрэсіяў 1930-х гадоў.

Вось ключавая, на мой погляд, фраза:


«Пад выглядам культурна-гістарычнага разьвіцьця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх зьяўлялася зьмена дзяржаўнай улады ў Беларусі».

Пакінем у баку тое, што «зьмена дзяржаўнай улады» — галоўная мэта якой заўгодна палітычнай партыі ў якой заўгодна дэмакратычнай краіне. Палітычныя лідэры, дэпутаты парлямэнтаў, партыйныя актывісты займаюцца гэтым штодзённа і няспынна. Менавіта рэгулярная зьмена дзяржаўнай улады ёсьць адной з гарантыяў разьвіцьця дзяржавы (і эканамічнага, і сацыяльнага, і якога заўгодна).


Але да таго, што для Лукашэнкі і ягоных сілавікоў імкненьне адхіліць чалавека, які ва ўладзе вось ужо амаль 29 гадоў, злачынства, ужо прызвычаіліся.


Адметна вось што: упершыню пасьля сталінскіх часоў у найноўшай беларускай гісторыі фраза «беларускі нацыяналізм» гучыць не ў палітычным ці публіцыстычным, а ў юрыдычным, прававым кантэксьце. Вядома, калі тое, што адбываецца ў Беларусі, дапушчальна называць тэрмінам «права».


Як вынікае з паведамленьня БелТА, Паўла Белавуса абвінавачваюць таксама ў кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем і ў дзяржаўнай здрадзе.


У 30-я гады ХХ стагодзьдзя абвінавачаньні ў «беларускім буржуазным нацыяналізьме» гучалі ў рашэньнях сумнавядомых «троек», якія за пятнаццаць хвілінаў «судовых працэсаў» адпраўлялі ў Курапаты беларускіх палітыкаў (у тым ліку дзеячоў БНР, якія паверылі камуністам і вярнуліся з эміграцыі), літаратараў, навукоўцаў, настаўнікаў, тэхнічную інтэлігенцыю.


Вынікам гэтага працэсу (які па сваёй сутнасьці шмат у чым супадае з азначэньнем тэрміну «генацыд») было вынішчэньне беларускай нацыянальнай эліты. Спалілі дзясяткі слоўнікаў спэцыяльнай навуковай літаратуры — цэлыя пласты мовы былі зьнішчаныя (потым некаторыя будуць заяўляць, што нібыта беларуская мова «бедная»).


У 60-70-я гады пра «беларускі нацыяналізм», бадай што, імкнуліся за лепшае публічна зусім ня згадваць, ён лічыўся пераможаным, а выступы беларускіх патрыётаў кваліфікаваліся як «антысавецкая дзейнасьць».


Аднак адразу ж пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў жніўні 1991 году пра «беларускі нацыяналізм» пачалі згадваць ізноў — спачатку прарасейскія шавіністычныя газэткі, якія пра падтрымцы Кебічаўскіх саўмінаўскіх структураў свабодна друкаваліся і распаўсюджваліся спачатку ў падземных пераходах, а потым адкрыта. Заяўлялі пра яго розныя «славянскія саборы» і маргінальныя групы «за свободный выбор языка обучения», якія тарпэдавалі Закон аб мовах і патрабавалі скасаваньня статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай (маючы патранаж у дзяржструктурах і ў КДБ, а таксама ў Міністэрстве абароны, якое ўжо ў 1992-м пачало «вычышчаць» з афіцэрскага складу беларусаў-патрыётаў).


Усе яны знаходзілі падтрымку дэпутата ад Шклоўскай выбарчай акругі № 310 Аляксандра Лукашэнкі. Ну а калі ён стаў прэзыдэнтам, слова «нацыяналізм» пачало рэгулярна і ўсё часьцей гучаць з самай высокай трыбуны, у публікацыях афіцыйных СМІ, тэлевыступах праўладных прапагандыстаў.


Пры гэтым за амаль ужо тры дзесяцігодзьдзі лукашэнкаўскай улады ніхто з вышэйназваных (роўна як і «акадэмічных дасьледчыкаў» і «тэарэтыкаў») так і ня здолеў колькі-небудзь лягічна абгрунтаваць і сфармуляваць, што ж гэта такое — «беларускі нацыяналізм».


Папраўдзе, сфармуляваць гэта вельмі проста, прычым у адным слове: беларускасьць.


Гэта тое, на чым грунтуецца нацыянальная ідэнтычнасьць: беларуская мова, праўдзівая беларуская гісторыя, нацыянальныя каштоўнасьці (у тым ліку і сымбалі — бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня). Без усяго гэтага ня можа гарантавана існаваць незалежная беларуская дзяржава.


Але якраз зьнішчэньне Беларусі як незалежнай краіны і беларусаў як этнасу і ёсьць галоўнай мэтай тых, хто вызнае імпэрскую ідэю.

Прычым не апошніх двух з паловай гадоў, а, фактычна, з таго самага моманту, калі беларусы 25 сакавіка 1918 году абвясьцілі незалежнасьць сваёй дзяржавы.

Мэханізмы і спосабы прымяняліся розныя, але галоўны інструмэнт увесь час існаваў унівэрсальны: створаная яшчэ камуністычным правадыром Леніным ВЧК-НКВД-КГБ.

У 1991 годзе камуністычная ўлада абрынулася, але КДБ застаўся практычна бязь зьменаў.


Прычым, за рэдкім выключэньнем, Лубянка захавала кантроль над сваімі філіяламі ў былых савецкіх рэспубліках, у Беларусі дык у поўнай ступені. Усе клятвы старшыні КДБ генэрала Шыркоўскага ў пачатку 90-х пра тое, што «беларускія чэкісты» (гучыць як аксюмаран) нібыта ўспрынялі стварэньне незалежнай Беларусі і дэмакратычныя рэформы (вельмі кволыя, нагадаем), аказаліся чыстым фарысействам: адразу пасьля сваёй адстаўкі Шыркоўскі пераехаў у Маскву. Туды ж, бліжэй да Лубянскай плошчы, потым перабіраліся і шмат якія іншыя кіраўнікі КДБ Рэспублікі Беларусь.


Гэты кароткі экскурс у найноўшую гісторыю КДБ Беларусі я зрабіў зусім не выпадкова. Менавіта ў сьценах гэтага ведамства дзесяцігодзьдзямі пад грыфам «Совершенно секретно» захоўваецца мэтадычны дапаможнік «Белорусские буржуазные националисты», выдадзены ў 1957 годзе ў Маскве КГБ пры Саўміне СССР.

І ня проста захоўваецца, а актыўна выкарыстоўваецца.


Пра «дапаможнік» стала вядома толькі некалькі гадоў таму, калі Служба бясьпекі Ўкраіны пачала рассакрэчваць тысячы дакумэнтаў савецкага КГБ.


Зьвярніце ўвагу на год: у 1956-м прайшоў ХХ зьезд КПСС, які асудзіў «культ асобы» Сталіна і масавыя рэпрэсіі, але барацьба зь «беларускімі нацыяналістамі» не спыняецца, рыхтуецца нават дапаможнік у гэтым сьвятым змаганьні (вось ужо хто «змагары» са стажам). І менавіта з гэтай «мэтадычнай» крыніцы чэрпалі свае веды чэкісты і ў часы хрушчоўскай адлігі, і ў гады брэжнеўскага застою, і ў пэрыяд гарбачоўскай перабудовы, і ў кароткае задушанае Адраджэньне пачатку 90-х, і ў наступныя дзесяцігодзьдзі панаваньня Лукашэнкі.


«Беларускія буржуазныя нацыяналісты» называюцца галоўнымі ворагамі беларускага народу, іх ідэйным і арганізацыйным цэнтрам — Рада БНР, якая называецца «белорусской радой».


(Цікавая дэталь: выраз «белорусская Рада» час ад часу сустракаецца мне ў тэкстах і выступах лукашэнкаўскіх прапагандыстаў, напрыклад у «СБ»), тады як самі сябры Рады БНР, роўна як і сумленныя гісторыкі ды апазыцыйныя палітыкі, як вядома, ніколі яго не ўжывалі і не ўжываюць. Моцна ж, аднак, засела ў мазгах прапагандыстаў фармулёўка з «мэтадычнага дапаможніка» для слухачоў Вышэйшых школаў КГБ. Слухалі, як бачым, уважліва).


Галоўная віна «беларускіх нацыяналістаў», як яна сфармуляваная ў «дапаможніку» — імкненьне стварыць і абараніць незалежную беларускую дзяржаву.


Пра стыль і ідэйны зьмест чытач можа займець уражаньне хаця б з гэтага ўрыўку з уступнага тэксту дапаможніка.


«Беларускія буржуазныя нацыяналісты ёсьць лютымі ворагамі Савецкай улады і беларускага народу. Маскуючыся лёзунгам стварэньня „самастойнай Беларусі“, яны, адстойваючы інтарэсы буржуазіі, працягваюць весьці актыўную барацьбу супраць свайго народу. Гісторыі вядома нямала фактаў, калі буржуазныя нацыяналісты спрабавалі ператварыць Беларусь у калёнію імпэрыялістычных дзяржаў. Зь першых жа дзён усталяваньня Савецкай улады ў нашай краіне беларускія буржуазныя нацыяналісты ўступілі ў змову з найбольш рэакцыйнымі сіламі імпэрыялістычных дзяржаў і пачалі ўзброеную барацьбу за рэстаўрацыю капіталізму. Будучы разгромленымі падчас грамадзянскай вайны і выгнаныя за межы савецкай краіны, беларускія буржуазныя нацыяналісты ня склалі зброю і, стварыўшы за мяжой антысавецкія цэнтры, да сёньняшняга дня вядуць актыўную варожую дзейнасьць супраць Савецкай дзяржавы».


Выраз «самастойная Беларусь» узяты ў двукосьсі. Ну а іншую лексыку параўнайце з той, якая ўжытая ў абвінавачаньні Паўлу Белавусу, як яна прагучала з вуснаў Сяргея Паско:


«Было ўстаноўлена, што абвінавачаны ў інтарэсах замежных арганізацый для больш хуткай зьмены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасьць суайчыньнікаў у адносінах да Радзімы».


«Паколькі Беларусь заўсёды знаходзілася ў цэнтры ўвагі на палітычнай арэне, хутка знайшліся тыя, хто быў гатовы спансаваць разьвіцьцё ягонай антыдзяржаўнай дзейнасьці. Фігурант падпісаў ня менш як 12 дамоваў з рознымі замежнымі прадстаўнікамі і кампаніямі. З таго часу экстрэмісцкая дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі набывала новыя абароты дзякуючы ўліваньням з-за мяжы».


«Сьледзтвам устаноўлена, што абвінавачаны ў інтарэсах замежных арганізацый для больш хуткай зьмены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасьць суайчыньнікаў».


Вядома, на перакананьне сілавікоў, ніякай патрыятычнай матывацыі ў Белавуса, як і ў ягоных папярэднікаў, пакаленьняў беларускіх патрыётаў, быць ня можа: усё інсьпіравана з-за мяжы, і дзейнічаў ён не на карысьць Беларусі, а ў «інтарэсах замежных арганізацый».


На карысьць Беларусі, на іх думку, дзейнічае той, хто спачатку загнаў у гета, а потым паставіў на мяжу зьнікненьня беларускую мову; хто ператварыў тэрыторыю Беларусі ў канцлягер і аддаў яе пад кантроль краіны-агрэсара; хто тры дзесяцігодзьдзі здаваў па кавалках сувэрэнітэт дзяржавы.


У абвінавачаньні не хапае толькі знакамітага «ліста да нямецкага кайзэра» (у «мэтадычцы» КДБ ён згадваецца), але можна не сумнявацца, што калі не зь Белавусам, дык з наступнымі «фігурантамі» спраў па абвінавачаньні ў «беларускім нацыяналізьме» гэта прагучыць.


І апошні штрых, які не пакідае розьніцы паміж 2023 і 1937 гадамі: за «дзяржаўную здраду» ўведзенае сьмяротнае пакараньне.


10 студзень 2023

Сяргей Навумчык

Anchor 1
bottom of page