top of page

ПАЕЗДКА ВА УКРАІНУ

Ад 21-га верасьня па 1-ы кастрычнік прадстаўнікі Нацыянальнага-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь" Павел Усаў і складальнік гэтай інфармацыі (Зянон Пазьняк) знаходзіліся ва Украіне, спатыкаліся зь беларускімі ваярамі палка імя Каліноўскага і вайсковага аддзелу "Тур" (дзейнічае ў Курскай вобласьці), з камандзірам палка Каліноўскага Паўлам Шурмеем, з сябрамі грамадзкага руху "Каліноўцы", а таксама з украінскімі палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі.

У пэрыяд візыту ў Кіеў быў перагнаны аўтамабіль "Фольксваген", ахвяраваны для палка Каліноўскага беларусамі Бэльгіі. Таксама былі перададзены два дроны FPV ад суполкі "Вольнай Беларусі", што зьбірае дроны. Сінхронна з гэтай паездкай Фундацыя "Вольная Беларусь" на просьбу Палка Каліноўскага аплаціла і выкупіла для Палка бінакуляр начнога бачаньня (коштам шэсьць з паловай тысячаў эўра) для пошукаў і эвакуацыі параненых у начны час.

Задача візыту -- падрыхтаваць грунт дзеля супольных дзеяньняў беларускіх змагарных аддзелаў на пэрыяд вызваленьня Беларусі. З гэтай мэтай была зроблена паездка ў горад Сумы (горад на мяжы з Курскай вобласьцю), а таксама прынята дэклярацыя аб намерах прадстаўнікамі "Вольнай Беларусі" і грамадзкай арганізацыі "Каліноўцы", сутнасьць якой -- падтрымка беларускіх вайсковых дзеяньняў і дапамога ўкраінцам у змаганьні з рашысцкай агрэсіяй ва Украіне і наступная каардынацыя дзейнасьці беларускіх аддзелаў дзеля вызваленьня Беларусі. Вынікам намераў павінна стаць пагадненьне аб сумеснай дзейнасьці НВР "Вольная Беларусь", грамадзкага руху "Каліноўцы" і іншых беларускіх патрыятычных арганізацыяў (якія далучацца да пагадненьня).

Адначасна былі наладжаныя кантакты з украінскімі СМІ, адбыліся выступы па тэлебачаньні з інфармацыяй пра становішча ў Беларусі і пра адносіны з Украінай.

Агульнае ўражаньне ад паездкі станоўчае. У палку імя Кастуся Каліноўскага пасьля структурных рэформаў ідуць добрыя працэсы асэнсаваньня ролі палка і змаганьня дзеля вольнай будучыні Беларусі. Некаторыя ваяры, якія раней адыйшлі ад палка, зноў вяртаюцца ў полк. Наладжана сістэма папаўненьня палка дабраахвотнікамі (пра канкрэтыку паступленьня ў полк напішам пазьней).

Памятайма, што вольная будучыня Беларусі і вяртаньне ў вольную Беларусь будзе залежыць ад таго, ці будзе ў беларусаў вызвольная армія, што змагаецца з рашысцкім агрэсарам. Уступайце ў полк Каліноўскага! Слава Айчыне!


4 кастрычнік 2024 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Comments


Anchor 1
bottom of page