top of page

Зянон Пазьняк: Паварот з азылем

Дзесяць-дванаццаць гадоў таму сьвятой каровай міграцыйнай палітыкі Эўразьвязу было правіла адчыненых межаў для ўсіх. З Брусэля для краінаў Эўразьвязу спускаліся велізарныя квоты імігрантаў з Афрыкі і Азіі і астранамічныя штрафы дзяржавам за невыкананьне гэтых квот. Цяпер махавік бюракратычнай палітыкі паварочваецца на 180 градусаў -- ніякіх ўцекачоў, спыніць азыль для мігрантаў.

Зразумела, што гэта ўсё можа стукнуць па ўкраінцах і беларусах (хоць некаторыя палітыкі даказваюць, што справа йдзе толькі пра "нелегалаў"). Але відавочна, што не. І пра гэта кажуць іншыя палітыкі.

А цяпер параўнайма сытуацыі. Дзесяць-патнаццаць год таму канфлікты ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе выклікалі хвалю ўцекачоў малакваліфікаванага насельніцтва ў Эўропу, якая адчыніла ім усе дзьверы і зрабіла з гэтай палітыкі ідэалёгію Эўразьвязу (штрафы за невыкананьне квот і т.п.).

Цяпер жа з Украіны і Беларусі ад перасьледу, рэпрэсій і вайны ўцякае якраз кваліфікаванае і дзеяздольнае насельніцтва. Вось у гэтых уцекачоў якраз у выніку новай палітыкі зьявяцца праблемы (і хутчэй за ўсё). Для мігрантаў зь Беларусі можа паўстаць заслон, немагчымасьць уцячы ад рэпрэсій у вольны сьвет. Беларусам застанецца выбар: альбо пад катаваньні і ў лукашысцкую турму, альбо ў Расею (дзе таксама ў турму). Ацэнак такой палітыкі тут я ўжо не раблю. Ня бачу патрэбы.

Па лініі міграцыі намячаецца сур'ёзны падзел ў Эўразьвязе. Галоўным запальнікам тут выступіць (і ўжо выступае) Венгрыя, улады якой дазволілі прыязджаць расейцам. (Нядаўна я спрабаваў зьвярнуць на гэта ўвагу ў ФБ, паколькі ўсё яно закране беларусаў, якія паўсюль дыскрымінаваныя. Але, відаць, казаць пра тое для нашай супольнасьці -- мала сэнсу, бо яшчэ ня грымнуў гром і нават не перажагналіся.) Дарога беларусам застанецца толькі ў Расею (Грузія таксама зачыняецца). Прытым ехаць у Рашу "невераятным" можна будзе толькі пад лёзунгамі "Зачэм этат беларускі язык" і "какая разніца". (Тады, магчыма, пасадзяць на меншы тэрмін.) (Папярэджваю, тут іронія.)

Ёсьць яшчэ іншы варыянт -- застацца і жыць пад акупацыяй падвойным жыцьцём. Але такое рэкамендаваць я ня маю права.

Трошкі ведаючы як уладкаваныя думкі нямецкіх палітыкаў, што кіруюць Эўразьвязам, я не выключаю, што яны, страхуючыся спыненьнем азылю, падсьцілаюць сабе саломкі на выпадак нечаканасьцяў таго міру які некаторыя рыхтуюць для Украіны, бо калі б тое здарылася, то з Украіны, Беларусі і Малдовы хлынулі б мільёны ўцекачоў (а зь імі маса расейскіх дыверсантаў і агентуры). Але будзем спадзявацца, што тое не здарыцца.


16 кастрычнік 2024 г.

Зянон Пазьняк

Anchor 1
bottom of page