top of page

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: "САЛЮТ БЭЛЯМІ" і ЗНАК МАЛОЙ ПАГОНІ

Лявацтва ва ўсім сьвеце ўзбуджана накінулася на прэзыдэнта Трампа і на Ілона Маска. Як звычайна, левыя думаюць, што нянавісьцю і абзываньнямі зьнішчаць свайго праціўніка. Але, як звычайна, з гэтага нічога не атрымліваецца, акрамя закалату ў галовах людзей.

Самае забойнае палітычнае абвінавачваньне ў левакоў -- абазваць нязгоднага фашыстам, падразумеваючы Гітлера. (Між іншым, Гітлер быў якраз збочаным сацыялістам нацыянальна-расавага імпэрскага кшталту. Ярлык "фашыста" яму прыклеілі саветы, каб аддаліць паралелі ад свайго расейскага пралетарскага сацыялізму.)

Увесь сьвет абыйшлі кадры відэа, дзе вясёлы Ілон Маск танцуе на інаўгурацыі Трампа і апантана "зігуе" ручкай у прастору. "Во, фашыст!" -- аж захлёбваюцца некаторыя актывісты, уся расейская агентура, усялякія блогеры, калюмністы ды "швондзеры".

Аднак, сумніўна, каб Маск меў дачыненьне да фашызму ці нацыянал-сацыялізму (тым болш да Гітлера). Ні ў экстрэмісцкіх арганізацыях, ні ў радыкальных палітычных групах Ілон Маск не заўважаны і Гітлера не хваліў (як некаторыя). Відавочна, што ягоны рух рукой -- гэта першапачатковы гістарычны "Салют Бэлямі", якім карысталася Амэрыка амаль паўстагоддзя з 1892 года, пры падняцьці амэрыканскага сьцяга.

Гэты сымвал і Клятву Сьцягу стварыў амэрыканскі хрысьціянскі сацыяліст і прапаведнік (баптысцкі прэсьвітар) Фрэнсіс Бэлямі. Сымволіка руху абазначае хвалу амэрыканскаму сьцягу. Правая рука кладзецца распрасьцертай далоняй на сэрца і потым ад сэрца рэзка выцягваецца наперад і ў гару -- да амэрыканскага сьцяга. У амэрыканскіх школах і скаўцкіх арганізацыях паўсюдна ўжываўся гэты "Салют Бэлямі".

У 1942 годзе, у разгар 2-й Сусьветнай вайны, "Салют Бэлямі" быў афіцыйна вымушана зьменены (рука прыкладвалася толькі да сэрца, бяз руху наперад і ўверх), бо падобны па форме рух ужо быў скампрамэтаваны Гітлерам перад усім сьветам. Рэабілітаваць "Салют" у першаснай форме ўжо, практычна, немагчыма. Гітлер абгадзіў яго на вякі.

Тым часам у грамадзтве ёсьць людзі, якія (з прычыны сваёй непадобнасьці, геніяльнасьці, індывідуальнай самаацэнкі альбо дзівацтваў) не падпарадкоўваюцца абставінам і ходзяць не па правілах, а па дыяганалі. Тут яны часам робяць надзвычайныя адкрыцьці і праслаўляюць сваё імя альбо звальваюцца ў крымінал ці нават ідыятызм, у залежнасьці ад прыроды асобы.

Ілон Маск, як я яго ўспрымаю, -- таленавітая арыгінальная асоба, інтэлектуальны самародак, які ставіць перад сабой надзвычайную, але, практычна, нежыцьцёвую "касьмічную" задачу перасяленьня людзей на Марс (невыканальную, бо Марс -- мёртвая плянэта). Аднак на шляху да вялікай і нерэальнай мэты ён робіць адкрыцьці ў навуцы і тэхналёгіі, якія яго праславілі і стварылі найбагацейшым чалавекам у Амэрыцы і ва ўсім сьвеце. Прытым, усё гэта здабыта коштам нестандартнага розуму і здольнасьцяў гэтай асобы.

Ці зможа геніяльны Маск рэалізаваць сябе ў палітыцы -- паглядзім (тут шмат сумненьняў), бо палітыка -- гэта самая высокая сфэра сацыяльнай дзейнасьці людзей, і патрабаваньні тут каласальныя.

Правілы аб выкарыстаньні знакавай сымволікі невыпадкова ўносяцца ў законы і ў Канстытуцыю. Сымволіка мае вялікае значэньне. За яе людзі нават гатовыя на сьмерць. Салют Бэлямі ў пасьляваеннай (зьменшанай) форме таксама адлюстраваны ў амэрыканскіх законах, якія абавязваюць выконваць прынятыя правілы дзяржаўных служачых і функцыянераў.

Цікава, што беларусы (найбольш у ЗША) пры сьпяваньні беларускага гімна і падняцьці нацыянальнага сьцяга таксама клалі руку на сэрца па прынцыпу Бэлямі. Але апошнім часам зьявілася новая беларуская форма знака. Запачаткавалі яе беларускія ваяры Палка Каліноўскага ва Украіне. Ваяры (а за імі і ўсе беларускія патрыёты) сталі ўжываць сымвал беларускага гэрба Малой Пагоні (гэта рыцарская рука, сагнутая ў локці зь мечам у кулаку).

Знак выконваецца так: правая рука, сьціснутая ў кулак (нібы трымае меч) кладзецца на вяршыню сэрца (бліжэй да ключыцы). Гэты сымвалічны знак Малой Пагоні ўжываецца цяпер абавязкова пры сьпяваньні нацыянальнага гімна, пры падняцьці нацыянальнага сьцяга і часта пры воклічы "Жыве Беларусь!". У вольнай Беларусі, тады, калі мы, беларусы, будзем гаспадарамі ў сваім краі, правіла знаку Малой Пагоні (не сумняваюся) будзе прапісана ў законе і ў Канстытуцыі дзяржавы.


З а ў в а г а. (Малая Пагоня -- гэта скарочаная вэрсія Пагоні. Гэты гэрб у розных варыянтах надаваўся звычайна нова-ўтворанай шляхце, нэафітам шляхецкага саслоўя.)


16 сакавіка 2025 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

Anchor 1

© 2024 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page