У змаганьні з сіламі свабоды, дэмакратыі і незалежнасьці дыктатура, расейскі камунізм і расейскі імпэрыялізм (сярод іншага) выкарыстоўваюць два тактычныя падыходы: стварэньне квазі-апазыцыі (падстаўной арганізацыі) і патрабаваньне "аб'яднаньня ўсіх дэмакратычных сілаў".
Апошні тэзіс зьяўляецца ў корані антыдэмакратычным, існуе пастаянна ў прыёмах таталітарнага змаганьня з дэмакратыяй і нацыянальна-вызвольным рухам.
Так званае "аб'яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў" супярэчыць прыродзе дэмакратыі, заснаванай на множнасьці поглядаў, пазыцыяў, партыяў і арганізацыяў. Такое "аб'яднаньне" ў сістэме дэмакратычных дачыненьняў ня ёсьць рэальна запатрабаваным, зьяўляецца нонсэнсам, бо траціцца зьмест дэмакратычнага разьвіцьця.
Але менавіта ў гэтым накірунку (стварэньня з множнасьці -- аднаго) працуе таталітарная прапаганда, абапіраючыся найперш на людзей палітычна нясьпелых і на сваю агентуру. Аб'яднаньне рознага ў адно -- нежыцьцездольнае. Вынікам становіцца страта палітычнага часу, дэстабілізацыя, параліч, расчараваньне прыхільнікаў і распад.
Там, дзе чуецца прапанова "об'едіненія всех демократіческіх сіл" у адну структуру, арганізацыю, супольнасьць і т. п. -- там, як правіла, чуваць прагалошваньне таталітарнай пазыцыі, якая кіруе наіўнымі ўяўленьнямі прафанаў.
Супольная дэмакратычная і нацыянальна-вызвольная дзейнасьць магчымая толькі на аснове супадзеньня ідэёва-палітычных прынцыпаў і нацыянальных інтарэсаў. Тады таксама не патрэбнае структурнае ці арганізацыйнае аб'яднаньне, але запатрабавана кансалідацыя, супольнасьць сілаў, калі кожны ідзе разам з іншым адным агульным шляхам да адной агульнай мэты, ня трацячы сваёй свабоды і сваёй ідэнтычнасьці.
(На ідэйна прынцыповых асновах будуецца таксама парляманцкая кааліцыя, дзе рознасьць аспэктаў падпарадкавана неабходнасьці.)
Па сутнасьці, існуюць два падыходы да зьяднаньня змагарных дзеяньняў супраць таталітарызму: рэальны нацыянальна-дэмакратычны падыход, заснаваны на ідэях і прынцыпах, і антыдэмакратычны, маніпулятыўны, таталітарна-прапагандысцкі падыход, заснаваны на ўяўным павелічэньні сілы, але, фактычна, накіраваны на дэзарганізацыю становішча, на разбурэньне дэмакратычнай барацьбы. Вэрбальна яны гучаць падобна, але сутнасьць розная.
Істотна таксама, што таталітарнай сістэме лягчэй кантраляваць адну арганізацыю (аб'яднаньне), уплываць, разваліць і зачыніць яе прасьцей, чым мноства ўтварэньняў.
Розныя падыходы ў збліжаным гучаньні вынікаюць з канфлікту супроцьлеглых сіл. У распазнаньні іх патрабуецца палітычны вопыт, аналіз і ўважлівасьць пры вызначэньні ацэнак.
4 чэрвень 2023 г. Зянон ПАЗЬНЯК