top of page

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ПРА ПАЛІТЫКУ І ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ

Гісторыя паказвае, што ў інфармацыйным грамадзтве, якое карыстаецца сістэмай усеагульных выбараў, ва ўладу можа быць выбрана, у прынцыпе, любая асоба, кожнага полу, інтэлекту, псіхічнага стану здароўя, сацыяльнага статусу, адукацыі, маральнага ўзроўню і разумовага разьвіцьця, -- ад навукоўца, пісьменьніка, прафэсара да прастытуткі (напрыклад, Чычаліна) і вар'ята (такіх шмат).

У 2020 годзе у час выбараў прэзыдэнта Беларусі Крэмль, ФСБ і іхны "кашалёк" Газпрам адпрацавалі спробу зьмяніць Лукашэнку на іншага больш залежнага стаўленьніка ў сувязі з падрыхтоўкай да вайны і планаваньнем акупацыі Украіны. (Масква хацела мець цалкам разьвязаныя рукі ў Беларусі.)

План ня ўдаўся з прычыны нацыянальнага характару масавых беларускіх пратэстаў, якія вышлі з-пад кантролю Масквы і напалохалі Крэмль, і з прычыны адчайных дзеяньняў Лукашэнкі па захаваньні сваёй улады.

У выніку стаўленьніка Масквы дырэктара Белгазпрамбанку В. Бабарыку і яго памагатых Лукашэнка замкнуў у турму. Супраць беларускага народа (пры дапамозе Расеі) рэжым распачаў масавыя рэпрэсіі. А сам Лукашэнка трапіў у поўную залежнасьць ад Пуціна і ад палітыкі Расеі.

Такім чынам, трайны канфлікт выглядае так: беларускі народ выступіў супраць улады Лукашэнкі за вольную Беларусь; стаўленьнік Масквы Бабарыка выступіў супраць улады Лукашэнкі за ўваходжаньне Беларусі ў Расею; Лукашэнка выступіў супраць народа (пачаў замыкаць беларусаў за краты) і адначасна кінуў у турму Бабарыку з пасобнікамі. Усе тры суб'екты палітыкі ёсьць ворагамі адзін аднаму.


***

Важная задача для нацыянальна-вызвольных сілаў -- дамагчыся, каб рэжым спыніў рэпрэсіі і выпусьціў палітзьняволеных. Пытаньне барацьбы за вызваленьне палітвязьняў і супраць антыбеларускіх эканамічных санкцыяў Захаду (якія, пад відам барацьбы з рэжымам, падрываюць незалежнасьць краіны, зьнішчаюць нацыянальныя інтарэсы Беларусі і ўмацоўваюць акупацыйны рэжым Пуціна) сталі цяпер палітычна актуальнымі. Сітуацыя мяняецца ў сувязі з планаваньнем чарговых псэўдавыбараў Лукашэнкі. Рэжым стаў выпускаць палітвязьняў.

І тут узьнікае парадаксальнае пытаньне. Калі вораг беларускага народа ёсьць Лукашэнка, які пасадзіў у турму тысячы беларусаў і адначасна кінуў за краты ворага дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі Бабарыку (з падзельнікамі), то як вызваляць усіх палітвязьняў? Яны ж палітычна несумяшчальныя ў дачыненьні да галоўных інтарэсаў нацыі і ў адносінах адзін да аднаго. Парадокс.

Але адкажу адразу. Мусіць быць прыярытэт праву. Усе палітвязьні павінны быць вызваленыя. Такі парадак.

Аднак жа, ня ўсё проста. Дэкляраваньне ў выбарчай палітычнай кампаніі намераў аб ліквідацыі дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі шляхам далучэньня яе да іншай імпэрскай краіны (што засьведчыў В. Бабарыка) -- гэта ёсьць грубым парушэньнем Канстытуцыі (нават лукашысцкай) і падлягае пакараньню па закону. Як быць?

Растлумачэньне можа быць такое. Пытаньне аб адказнасьці газпрамаўскіх асобаў існуе, але яно залежыць ад фармальных абставінаў. Яно можа выглядаць юрыдычна нікчэмным і страціць працэсуальнае значэньне, калі, напрыклад, пасьля вайны (якая скончыцца не на карысьць Масквы) Расея перастане існаваць як імпэрыя, разваліцца, ці зыйдзе ў палітычны маргінэс і т. п.

Але, калі, напрыклад, мір Маскоўшчыны з Украінай будзе заключаны на манер міру 2015 года і Расея застанецца палітычнай імпэрскай сілай як партнёр Кітаю, Захаду ды Нямеччыны, тады можна сказаць дакладна, што сцэнар 2020-га года зноў паўторыцца пры ўдзеле Масквы, Газпрама, Брусэльскай Эўропы, магчымых газпрамаўскіх сядзельцаў і шчасьлівага лукашызаванага электарату, які акалпачаць з двух бакоў "каштоўнасьцямі" дэмакратыі, таннага газу ды ілюзорнай свабоды, што праз паўгода скончацца "дабраахвотным" злучэньнем з Расеяй. (Адпаведна -- новымі больш страшнымі рэпрэсіямі беларусаў і масавай эміграцыяй у заходняе сацыяльнае дно, бо дзяржавы Беларусі ня будзе.)

Мяркую, што так ня стане. Але так можа быць. Пра тое, што расейска-эўрапейская палітыка ідзе ў гэтым накірунку і ставіць на газпрамаўскіх сядзельцаў, сьведчыць шмат прыкладаў. Можна пацікавіцца любымі заходнімі рэляцыямі пра беларускіх палітвязьняў. Пытаньне: пра каго там кажуць, безьліч разоў паўтараючыся? Кажуць... пра Бабарыку, ды Калесьнікаву. Іншыя іх менш цікавяць. Усё (як і з Ціханоўскай) ўкладваецца ў газпрамаўскіх ды прарасейскіх.

Дарэчы, пра Марыю Калесьнікаву. Дзіўная сітуацыя. Што такое Калесьнікава? Адкуль яно зьявілася? Дзесьці каля паўгода на яе глядзелі, чулі яе крайне інфантыльныя разважаньні, бачылі яе прыдуманыя манеры, адсутнасьць палітычнага інтэлекту і проста глупствы (напрыклад, відэа-размова з журналістам Кацам, дзе яна хваліць Лукашэнку, абяцае яму заслужаную пэнсію і т. п.). Нават у параўнаньні са Сьвятланай Ціханоўскай, якая ўжо хоць нешта кажа, гэтая асоба -- поўнае палітычнае нішто. Тым часам "дэмсмі" і заходнія "СМІ" не перастаюць пра яе пісаць, вяшчаць, хваліць, абзываць лідарам дэмакратыі, дэманстраваць заклапочанасьць, ставіць яе фотачкі з сардэчкам у Інтэрнэт. Прыдумалі нават плакацік, дзе яна побач з Кастусём Каліноўскім (!!), "Родзіна-мать зовёт" і т. п. -- прапагандысцкая пашляціна.

На першы погляд, здаецца, нічога не зразумела. Чаму бесіцца прапаганда на пустаце? Экстравагантны адказ можна было знайсьці ў чалавека, які вельмі шмат ведае і часам выпускае ўцечку таго, што ведае. Аднойчы Дзімітры Гардон у ток-шоу (здаецца, у Славіка Шусьцера) адкрыў людзям вынікі сваёй "інтуіцыі", што наступным прэзыдэнтам Беларусі будзе ... Марыя Калесьнікава.

Ня трэба ўсьміхацца, панове. У гэтым сьвеце (пасьля Лукашэнкі) ужо ўсё магчыма. Нават Чычаліна можа стаць прэзыдэнтам. З тымі, якія "невероятные", можна бавіцца ў выбары да поўнага абсурду і страты сьвядомасьці. (Думаю, аднак, што "прэзыдэнтаў" у нас больш ня будзе.)

Але паўтараю, змагаймася за вызваленьне ўсіх палітвязьняў, бо асуджаныя яны не па праву, не па закону, а па палітычных інтарэсах узурпатара. Ведаем шмат, але вольная Беларусь будзе будавацца на праве і справядлівасьці. Каб гэтага сапраўды дасягнуць, трэба ажыцьцявіць галоўнае: маскоўскі мордэр павінен быць разбураны.


15 верасень 2024 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Anchor 1

© 2024 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page