top of page

Сустрэча Зянона Пазьняка і Паўла Усава з беларускай грамадой у Вільні

15 чэрвеня ў Вільні адбылася сустрэча старшыні Нацыянальна-вызвольнага руху “Вольная Беларусь” Зянона Пазьняка і палітоляга Паўла Усава з беларускай грамадой у Вільні.

Зянон Пазьняк выступіў з лекцыяй на тэму сучаснага палітычнага становішча, а таксама пэрспэктываў змаганьня беларусаў за вызваленьне сваёй краіны ад расейскай акупацыі і пабудовы дэмакратычнай, цывілізаванай Беларусі. Палітык заявіў, што рэжым Лукашэнкі і расейскій Мордар уся роўна ўпадуць, ім наканаваны правал. Ідзе вайна і гэта можа адбыцца ў любы момант. Беларускія патрыёты павінны быць гатовы прыняць адказнасьць за сваю дзяржаву. Нельга будзе губляць ні дня, бо ўладу ў Беларусі могуць захапіць чужыя нам сілы, нават крымінальнікі (як гэта адбылося, напрыклад, у Гаіці). Беларусы маюць для гэтага праграму “Вольная Беларусь”, распрацаваную нашымі патрыятычнымі навукоўцамі і практыкамі. Мы ведаем, што нам трэба рабіць. Павінна быць дадзена свабода стваральнай ініцыятывы для прадпрымальнікаў, зь якіх на працягу некалькі гадоў ня будуць брацца падаткі, няхай становяцца на ногі. Будуць праведзены эканамічныя і сацыяльныя рэформы. Беларуская школа, нацыянальная армія і паліцыя, іншыя важнейшыя інстытуцыі дзяржавы і грамадзтва будуць служыць нацыянальным інтарэсам. Першыя некалькі гадоў будзе цяжка, але трэба працаваць, і мы пераадолеем гэты пэрыяд. Галоўная каштоўнасьць дзяржавы – гэта людзі.

Зянон Пазьняк нагадаў пра важнейшую геапалітычную ролю Беларусі. Гэта, нажаль, не ацэнена адэкватна дэмакратычнымі краінамі. Без захопу і акупацыі Беларусі ў студзені 2022 года расейцы не змаглі б пачаць буйнамаштабную інвазію ва Украіну, разгарнуць наступ на Кіеў. А ніхто тады не адрэагаваў на акупацыю Беларусі, хаця мы папярэджвалі пра небясьпеку. Цяпер ідзе вайна, гарачая вайна ва Украіне, гібрыдная вайна супраць Беларусі. Расея вядзе вайну на зьнішчэньне. Выратаваць і вызваліць Беларусь можна толькі ў выніку перамогі Украіны. Усе сілы мы павінны накіраваць на дапамогу Украіне, на падтрымку Беларускага палка імя Каліноўскага, што ваюе супраць расейскіх акупантаў.

Зянон Пазьняк спыніўся на ролі расейскай агентуры, якая дзейнічае супраць Беларусі і Украіны ва ўсім сьвеце, вядзе інфармацыйную вайну супраць нас, праводзіць правакацыі і дывэрсіі. У Беларусі дзейнічае акупацыйная адміністрацыя – рэжым Лукашэнкі. Службовыя асобы, якія абслугоўваюць інтарэсы Масквы і дзейнічаюць супраць Беларусі, будуць прыцягнутыя да суду. Будзе таксама праведзена люстрацыя, у выніку якой, напрыклад, пэўным журналістам будзе забаронена займацца гэтай дзейнасьцю. Але караць людзей агулам, паводле нейкіх сацыяльных катэгорый недапушчальна. Напрыклад, нельга перасьледваць настаўнікаў, якія падчас выбараў выкарыстоўваліся рэжымам у яго інтарэсах. Гэтыя людзі жывуць пад страшэнным ціскам, гэта трэба ўлічваць.

Палітык падкрэсьліў вялікае значэньне Балта-Чарнаморскай супольнасьці краін нашага рэгіёну. Гэтая гаспадарчая і палітычная сістэма дазволіць Беларусі і іншым краінам рэгіёну пазбавіцца ад эканамічнай залежнасьці ад Масквы.

Павел Усаў гаварыў пра канкрэтныя палітычныя і эканамічныя рэформы ў Беларусі, параўноўваў гэтыя працэсы з падобнымі зьявамі ў найноўшай гісторыі цывілізаваных краін.

Прысутныя задавалі выступоўцам пытаньні, пачалася дыскусія. Раптам з залі азваўся мясцовы правакатар, вядомая скандальнымі антыбеларускімі заявамі асоба, якую крытыкуюць адэкватныя летувісы. Асоба крычала, што “Позняк и все вы тут – фашисты!» Беларусы спакойна выдалілі правакатара з залі.

Аднак, інцыдэнт паслужыў штуршком для размовы на тэму беларуска-летувіскіх дачыненьняў. Зянон Пазьняк нагадаў, як ён асабіста, Беларускі Народны Фронт і дэпутаты-фронтаўцы падтрымлівалі Летуву ў 1980-90-я гады. Як Фронт плённа супрацоўнічаў з “Саюдзісам”. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Летувой у сакавіку 1990 года камуністычны Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета БССР па камандзе з Масквы зрабіў заяву з патрабаваньнем вярнуць БССР Вільню і Віленскі край. БНФ і дэпутаты-фронтаўцы асудзілі гэтую заяву як правакацыю і падтрымалі Летуву. Нашы дэпутаты выяжджалі ў Вільню і выступалі ў Сэйме на платформе салідарнасьці з вызвольным змаганьнем летувіскага народа. Гэтае супрацоўніцтва працягвалася доўгія гады. І вось новае пакаленьне летувіскіх палітыкаў (некаторыя зь якіх яшчэ не нарадзіліся тады) праводзіць такую палітыку супраць беларусаў. Яны не разумеюць, што вольная і дэмакратычная Беларусь – гэта гарант існаваньня незалежнай Летувы. Што беларускі народ – гэта сябры, а не ворагі Летувы. Гэтыя палітыкі павінны вучыцца ў Польшчы, у палякаў таму, як наладжваць адносіны з беларусамі, як трактаваць беларусаў, што вымушана апынуліся ў замежжы. Непрыязная да беларусаў палітыка нясе шкоду перш за ўсё самой летувіскай дзяржаве, яна ня мае пэрспэктыў.

У канцы сустрэчы Зянон Пазняк падпісаў для прысутных свае кнігі.


В. Буйвал

Anchor 1

© 2024 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page