top of page

Зянон Пазьняк: ВЫСНОВЫ ПРА ВАЖНАЕ (Санкцыі, палітвязьні, вайна)

Актуальныя пытаньні, якія не зыходзяць з тэмы, -- гэта эканамічныя санкцыі супраць народа Беларусі, уведзеныя эўра-прагматыкамі, і другое -- вызваленьне палітвязьняў у Беларусі. Трэцяе -- недапушчэньне ўцягваньня Беларусі ў ваенныя дзеяньні супраць Украіны. Усе тры тэмы ўзаемазьвязаныя.

Улічваючы тое, што вядома і тое, што ня раз гаворана, зыходзіць трэба з інтарэсаў Беларускага народа і дзяржавы Беларусі. Усе эканамічныя санкцыі (акрамя пэрсанальных) павінны быць адменены. Павінна быць спыненая дыскрымінацыя беларусаў, што ўцяклі ад рэпрэсіяў рэжыму за мяжу ў Эўропу. Дыскрымінацыя беларусаў на Захадзе ёсьць актам несправядлівасьці і парушэньнем правоў чалавека, пра якія так любяць казаць некаторыя ў Эўразьвязе.

Эканамічныя санкцыі зрабілі горш народу Беларусі, але не пахіснулі рэжым Лукашэнкі, толькі больш загналі яго ў залежнасьць ад Пуціна і выклікалі расейскую акупацыю Беларусі. Вось што натварылі антыбеларускія эканамічныя санкцыі.

Ёсьць падставы меркаваць, што лева-прагматычная Эўропа ў інтарэсах сваіх дачыненьняў з Расеяй -- здала Беларусь пад санкцыі і пад расейскую акупацыю, не разумеючы, што гэта стане пачаткам маскоўскай агрэсіі супраць Украіны.

Пра гэта я папарэджваў і ў 2020-м, і ў 2021-м гадах (і нават у 2015-м). Толькі здаровы сэнс, відаць, не для ўсіх эўра-палітычных дзеячоў.

Тысячы палітычных вязьняў, якіх у Беларусі схапілі і асудзілі не па закону, а па хлусьні і па жаданьню ўлады, трэба лічыць палоннымі, схопленымі ў час акупацыі Беларусі.

Абмяняць беларускіх палонных можна на зьнятыя санкцыі. Прытым Захад мог бы прыняць беларускіх палітвязьнаў на сваёй тэрыторыі, бо рэжым іх зьнішчыць.

Абгрунтаваньне гэтага дзеяньня такое: галоўнае -- чалавек. Чалавек вышэй усялякай санкцыі, тым больш, калі гэтая санкцыя супраць чалавека.

Нагадаю, што Ізраіль абменьваў тысячу палонных арабскіх тэрарыстаў на аднаго палоннага ізраільскага жаўнера. І гэта правільна, калі цаніць жыцьцё сваіх людзей.

Сітуацыя акупацыі і рэпрэсій у Беларусі і адначасна сітуацыя вайны ва Украіне вымагае ад украінцаў не зьневажаць беларусаў, не штурхаць беларусаў сваёй лаянкай да расейцаў, а наадварот, -- адрываць іх ад Расеі, падтрымліваць беларускае непрыняцьце вайны, прыцягваць іх да падтрымкі і спачуваньня ўкраінцам.

І беларускі народ, і ўкраінскі народ ёсьць ахвярамі і аб'ектам расейскай агрэсіі. Толькі зь Беларусяй авантура ў маскалёў пакуль што атрымалася, а з Украінай -- не. Найшла каса на камень.

Таму з боку Украіны трэба спыніць усялякую расейска-агентурную прапаганду нянавісьці супраць беларускага народа і абвінавачваньні яго ў нейкай калектыўнай адказнасьці з боку слаба думаючых людзей.

Больш таго, для ваеннай дыпляматыі і з боку Эўропы, і з боку Украіны мусіла б абходзіць пытаньне, як разлучыць "сіямскіх блізьнятаў" -- Пуціна з Лукашэнкам, -- як адарваць Лукашэнку ад Пуціна, сутыкнуць іх, тым больш, што Лукашэнка бачыць, што Расея вайны не выйграе.

Тым часам Эўропа робіць усё наадварот, усё, каб гэтыя злачынцы трымаліся адзін за аднаго неразлучна. І гэта ў той час, калі адзін зь іх ужо можа пахіснуцца.

У Эўропе ёсьць такія палітычныя мудрацы, якія ўсю Беларусь гатовыя загнаць у Расею. Грош цана такой палітыцы. Дыскрымінацыя беларусаў у Эўропе глыбока абурае, і гэта ня будзе забыта.

Прадухіліць магчымасьць уцягваньня беларускай арміі ў вайну супраць Украіны рэальна немагчыма адным рашэньнем. Але можа быць шэраг узаемазьвязаных дзеяньняў, накіраваных для гэтай мэты. Добра, напрыклад, каб амэрыканцы правялі ваенныя вучэньні (хоць з адным батальёнам) у Польшчы каля мяжы Беларусі. Гэта часова ўмацуе пазыцыю калабарантаў, якія супроцьстаяць расейскаму націску ўступіць у вайну з Украінай. Магчыма таксама дыпляматычная (у рэальнасьці цалкам правальная) маніпуляцыя з перагаворнай пляцоўкай у Менску (каб адцягнуць час агрэсіі) і іншае, -- напрыклад, прапанова з боку ўкраінцаў аб перамовах з Лукашысцкім рэжымам аб статусе непераходу мяжы і т. п. Назіраньнямі і заклінаньнямі пад камень ляжачы -- вада не цячэ.

Галоўнае для вольных беларусаў -- усімі сіламі і сродкамі падтрымліваць змагарную Украіну, спрыяць разбудове палка Каліноўскага ў буйную беларускую вайсковую адзінку, дапамагаць яму кадрамі і рыштункам, мацаваць перамогу Украіны над маскоўскім мордарам і набліжаць свабоду Беларусі.

Новы 2023 год дае надзею. Цяжка, але ня ўсё так дрэнна. Пераможа Украіна. Паўстане Беларусь. Жыцьцё пераменіцца да лепшага, калі зьнікне агрэсіўная імпэрыялістычная Масква -- прычына войнаў і няшчасьцяў на сьвеце.

4 студзень 2023 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Anchor 1
bottom of page