top of page

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ПРА ЗЛАЧЫНСТВА І ВЫЗВАЛЕНЬНЕ

Перад паездкай ва Украіну (21.ІХ-01.Х.2024) я зьмясьціў у ФБ важны для ацэнкі працэсаў (каму тое цікава) допіс "Пра палітыку і палітвязьняў". Калі я вярнуўся ў Варшаву, аказалася, што "вядомая публіка" ўзбудзілася і ўвесь час, пакуль я быў за мяжой, на мяне рэгулярна гадзіла. Звыклая зьява, трывае ўжо трэць стагоддзя. Такая палітыка.

Але нядаўна ўзьнікла новая зьява -- людзі (ня ўсе, вядома) амаль перасталі чытаць (нават паўтары старонкі). Пра прычыны не гаворым, але паколькі не чытаюць шмат хто, то думаю, што варта скарочана (і зручна для чытаньня) працытаваць з артыкула самога сябе (змушаны занятак, але ж трэба). І так:


Цытата 1: "... У 2020 годзе у час выбараў прэзыдэнта Беларусі Крэмль, ФСБ і іхны "кашалёк" Газпрам адпрацавалі спробу зьмяніць Лукашэнку на іншага больш залежнага стаўленьніка ў сувязі з падрыхтоўкай да вайны і планаваньнем акупацыі Украіны. (Масква хацела мець цалкам разьвязаныя рукі ў Беларусі.)"


Цытата 2: "... У выніку стаўленьніка Масквы дырэктара Белгазпрамбанку В. Бабарыку і яго памагатых Лукашэнка замкнуў у турму. Супраць беларускага народа (пры дапамозе Расеі) рэжым распачаў масавыя рэпрэсіі. А сам Лукашэнка трапіў у поўную залежнасьць ад Пуціна і ад палітыкі Расеі".


Цытата 3: "... Важная задача для нацыянальна-вызвольных сілаў -- дамагчыся, каб рэжым спыніў рэпрэсіі і выпусьціў палітзьняволеных".


Цытата 4: "... І тут узьнікае парадаксальнае пытаньне. Калі вораг беларускага народа ёсьць Лукашэнка, які пасадзіў у турму тысячы беларусаў і адначасна кінуў за краты ворага дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі Бабарыку (з падзельнікамі), то як вызваляць усіх палітвязьняў?"


Цытата 5: "... Але адкажу адразу. Мусіць быць прыярытэт праву. Усе палітвязьні павінны быць вызваленыя. Такі парадак."


Цытата 6: "... Дэкляраваньне ў выбарчай палітычнай кампаніі намераў аб ліквідацыі дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі шляхам далучэньня яе да іншай імпэрскай краіны (што засьведчыў В. Бабарыка) -- гэта ёсьць грубым парушэньнем Канстытуцыі (нават лукашысцкай) і падлягае пакараньню па закону. Як быць?"


Цытата 7: "... Пытаньне аб адказнасьці газпрамаўскіх асобаў існуе, але яно залежыць ад фармальных абставінаў. Яно можа выглядаць юрыдычна нікчэмным і страціць працэсуальнае значэньне, калі, напрыклад, пасьля вайны (якая скончыцца не на карысьць Масквы) Расея перастане існаваць як імпэрыя, разваліцца, ці зыйдзе ў палітычны маргінэс і т. п."


Цытата 8: "... Але, калі, напрыклад, мір Маскоўшчыны з Украінай будзе заключаны на манер міру 2015 года і Расея застанецца палітычнай імпэрскай сілай як партнёр Кітаю, Захаду ды Нямеччыны, тады можна сказаць дакладна, што сцэнар 2020-га года зноў паўторыцца пры ўдзеле Масквы, Газпрама, Брусэльскай Эўропы ..."


Цытата 9: "... Змагаймася за вызваленьне ўсіх палітвязьняў, бо асуджаныя яны не па праву, не па закону, а па палітычных інтарэсах узурпатара. Ведаем шмат, але вольная Беларусь будзе будавацца на праве і справядлівасьці. Каб гэтага сапраўды дасягнуць, трэба ажыцьцявіць галоўнае: маскоўскі мордэр павінен быць разбураны."


Тое, што адзначана і працытавана, -- важна. Але пра гэта -- цішыня.


Лаянку "вядомая публіка" (асабліва «дэмсмі») ўзьнялі з-за штучна і з палітычным ухілам раздзьмутай асобы – маладой жанчыны (Марыі Калесьнікавай), якая была ў групе В. Бабарыкі, адзначылася інфантыльнымі паводзінамі і недалёкімі казаньнямі. Пасьля грамадзкіх пратэстаў яе загрэблі ў лукашысцкую турму, дзе яна давала з-за кратаў інтэрв'ю замежным СМІ, распавядала, як займаецца там фітнэсам, як рыхтуе сабе любімую каву, закусвае бананам і т. п. білеберду (іншых вязьняў у гэты час жорстка катавалі).

Замежныя СМІ і так званыя "дэмсмі" пачалі ў гэты час яе ўзьвялічваць, уздымаць, пісаць пра яе розныя фантазіі, штампаваць партрэцікі, плакацікі, называць палітыкам, "лідэрам дэмакратыі", нацыянальным дзеячом, ставіць поруч з Каліноўскім (!!!), а журналіст Гардон (пра што я адзначыў) нават публічна "адчыніў таямніцу", што Маша будзе прэзыдэнтам Беларусі.


Назіраючы гэты непрыстойны вэрхал, для мяне было зразумела, што "нехта" рыхтуе дзяўчыну для чарговай палітычнай падставы (тыпу падставы з Ціханоўскай). Праца "схаваных сіл" груба выяўлялася. У выніку лёс гэтай лёгкадумнай асобы стаў наканаваны і дрэнны. Ніхто з тых інфантыльных "невероятных" энтузіястаў рэальна не разумеў, што такое Лукашэнка. Пускаючы лухту пра "дэмакратычную лідара Машу", яны толькі падзадорвалі нездаровыя комплексы дыктатара. Неўзабаве жанчына зьнікла з турэмнага далягляду, пра "фітнэс і каву" ўсе забыліся і даўно ніхто ня ведае, што зь ёй і дзе яна. Ходзяць чуткі, што стан яе здароўя кепскі, магчыма так і ёсьць, але дакладна не вядома. Тым часам "фэйкавае" словаблудзтва пра "змагарку Машу" працягваецца.

Што тут самае брыдкае і абуральнае. Гэтая асоба (Калесьнікава) была ў групе Бабарыкі, якога Масква праз Гзпрам скарыстала (і гэта мяккае азначэньне, я думаю ён сам пайшоў пад Маскву), скарыстала дзеля сваіх геапалітычных планаў – анэксіі Беларусі і падрыхтоўкі нападу на Украіну. Ніякага дачыненьня да беларускага нацыянальнага дэмакратычнага вызвольнага руху група ня мела. Ім (Бабарыку і ўсёй групе) не абходзіў нацыянальны лёс Беларусі. Яны ўдзельнічалі ў чужой антыбеларускай гульні. Бабарыка казаў пра уваход Беларусі ў склад Расеі і што Каліноўскі не беларус. Калесьнікава па недалёкасьці ўяўленьняў хваліла заслугі Лукашэнкі і зычыла яму добрай дзяржаўнай пэнсіі. Па сваёй палітычнай абмежаванасьці яны спадзяваліся на Пуціна і, відаць, ніхто не ўяўляў, што сядуць ў лукашысцкую турму. І вось пасадзілі, потым іх сталі прэсаваць як усіх беларусаў.

І тады пачалося гэтае кашчунства. Русіфікаваная беларусы за мяжой (шукальнікі «страны для жызьні»), «дэмсмі» ды грамадзка-палітычныя актывісты на Захадзе (дарэчы, пад уплывам расейскай агентуры) сталі ствараць з Бабарыкі і Калесьнікавай беларускіх герояў, выпісваць ім розныя прэміі, рабіць зь іх галоўных вязьняў, патрабаваць найперш іхняга вызваленьня, казаць пра пакуты і прыкрываць гэтымі пакутамі іхнюю антынацыянальную, варожую для Беларусі ролю, якую яны выконвалі, сталі ляпіць зь іх ледзь не нацыянальных дзеячоў.

Аднак засланіць пакутамі і турмой прарасейскіх калабарантаў і пераназваць іх у нацыянальных змагароў (зыходзячы з кан“юнктуры вайны) не атрымаецца. Рэчы павінны называцца сваімі імёнамі. Бабарыка і ягоная супольніца выступалі як палітычныя ворагі Беларусі, Турма іх не апраўдае і нічога ня сьпіша. Беларускія змагары сядзяць за вольную Беларусь, а дырэктар Белгазпрамбанка Бабарыка і ягоная памагатая Калесьнікава сядзяць за ўдзел у крамлёўскай афёры па замене Лукашэнкі дзеля падрыхтоўкі агрэсіі на Украіну. Раўняе іх толькі тое, што гэтак жа, як і вязьні-беларусы, яны сядзяць па палітычных матывах.


Зыходзячы з духу права, пры любым палітычным раскладзе і Калесьнікаву, і яе боса Бабарыку трэба вызваліць з турмы разам з усімі палітзьняволенымі (цытаты 5 і 9), забясьпечыць медыцынскую дапамогу і рэабілітацыю. Потым правесьці люстрацыю, а В. Бабарыку, магчыма, яшчэ і судзіць па сутнасьці антыканстытуцыйнага злачынства супраць незалежнасьці Беларусі. (Гэта будзе залежыць ад палітычнай сітуацыі ў Расеі. У артыкуле растлумачана)

Новыя савецкія людзі (што сфармаваліся пры лукашызме) з прычыны неразуменьня нацыянальных інтарэсаў, ня могуць усьвядоміць, што ў Беларусі ўжо 30 гадоў доўжыцца маскоўская гібрыдная вайна на зьнішчэньне беларускай нацыі і цягнецца беларуская барацьба за нацыянальнае выжываньне пад варожай унутранай акупацыяй. У гэтай вайне для беларусаў -- галоўнае захаваць дзяржаву, ня ўлезьці ў чужую расейскую вайну пад маскалём і зьберагчы народ. Чалавек ёсьць галоўная каштоўнасьць. Таму вызваляць трэба ўсіх палітычна асуджаных і рэпрэсаваных беларусаў, і вызваляць усімі спосабамі. Гэта ня вязьні. Гэта закладнікі. Яны палонныя. Тут прыдатны і абмен, і "гандаль", і дамоўленасьці, і антытэрарыстычная палітыка.

Толькі трэба памятаць, што калі на вайне пашкадуеш ворага, ты будзеш ім жа забіты. Калі б у 2020 годзе крамлёўска-газпрамаўскі плян адбыўся б і на пасад Беларусі ўсеўся б газпрамаўскі банкір Бабарыка са сваімі фэсбістамі і актывісткамі, то Беларусі як дзяржавы ўжо не існавала б, а беларускія мужчыны гінулі б у маскоўскім войску на палях Украіны, страляючы ў братоў-украінцаў і змагаючыся за "нацыянальнага героя" Пуціна; рэшта "сьвядомых" сядзела б у турме гэтак жа, як і цяпер.

Мы беларусы высакародныя і вялікадушныя, мы жывём па законах і па справядлівасьці, ня лезем у ботах на лавачкі і ў душу, гатовыя падняць ляжачага. Але мы зусім не забыліся пра прадажнае антыбеларускае драньства спадароў Бабарыкаў, Цапкалаў і іхных жаночых "штабоў" у белых лентачках і белых апасках за "мудрага Пуціна", з шлёпанцам замест Пагоні і крыкамі "Стоп таракан" замест "Жыве Беларусь!" Час зьмяняецца. Гісторыя застаецца.

Жыве Беларусь! Слава Айчыне!


5 кастрычнік 2024 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Comentarios


Anchor 1
bottom of page