top of page

РЭПЛІКА АБ ШКОДНАЙ ПРАПАГАНДЗЕ

Антыдэмакратычны тэзіс "объединение всех демократических сил" зьявіўся зноў, як і ў 90-х. Прычыны тыя ж: імкненьне разбурыць Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух, які (як працяг Фронту) зьявіўся за мяжой і пагражае канфармістам ды калабарантам. (Пра сутнасьць прапаганды "объединения" мной падрабязна напісана ў 90-х і ў 2023-м. У тым ліку на ФБ)

Адначасна вылезьлі пратухлыя «кансэрвы» і папісваюць пра маю асобу (у асноўным у фармаце 60 х 40. Але гэта дробязь.)

Рыторыка прапаганды часам гучыць лапідарна. Напрыклад: "А ці мог бы Нацыянальна-Вызвольны Рух "Вольная Беларусь" аб'яднацца зь віленскай групай Франака-Лябедзькі-Ціханоўскай"?

Адказ лапідарна такі: "Не". У прынцыпе -- ня можа.

Чаму "у прынцыпе"? Таму што пазыцыя гэтай групы пабудавана на публічна дэкляраванай ілжы, прытым адкрыта і бессаромна.

Група аб'явіла Ціханоўскую (і яна з тым пагадзілася) "выбранай прэзыдэнткай Беларусі" і "прэзыдэнтам-электам" краіны. Заява зьяўляецца сьвядомай выдумкай і хлусьнёй, якая відавочная і юрыдычна даказуемая. А значыць (паколькі яна выклікала адмоўныя сацыяльныя і палітычныя наступствы) -- зьяўляецца злачынствам.

Мець справу з такімі людзьмі, і тым больш сядаць за стол з такімі асобамі, немагчыма ні з палітычнага, ні з маральнага боку, бо гэта выглядала б прызнаньнем, згодай і пагадненьнем з ілжой.

Асобным кшталтам стаіць палітычная пазыцыя гэтай групы, у грунце справы арыентаваная на супрацу з Расеяй, а таксама адкрытая сувязь з агентурай КГБ. Група выкарыстоўваецца эўралібэраламі для будучага палітычнага і эканамічнага пранікненьня ў Беларусь.

Аб маніпуляцыі хлусьнёй з боку Ціханоўскай сьведчыць таксама яе скарга ад 9-га чэрвеня гэтага года ў Камітэт па правах чалавека ААН. Цытата: "У скарзе сцвярджаецца, што ўлады Беларусі парушылі права Святланы Ціханоўскай быць абранай на сумленных выбарах." (https://tsikhanouskaya.org/be/events/news/ef41c8380a8b3af.html)

Тут яна ўжо не называе сябе "выбранай прэзыдэнткай" і "прэзыдэнтам-электам", але жаліцца, што ёй перашкодзілі быць выбранай (прызнае, што яе ня выбралі.)

Эрго з гэтай прапаганды, ілжы і маніпуляцыі застаецца такім, як і выказанае мной два гады таму. Сьвятлана Ціханоўская, калі яна апынецца на тэрыторыі вольнай Беларусі пасьля ліквідацыі рэжыму Лукашэнкі, мусіць пайсьці пад сьледзтва ў выніку наяўнасьці складу злачынства, дзе (акрамя ашуканства) прысутнічаюць таксама яе дзеяньні, якія прывялі да арышту і ўвязьненьня ў турме шмат якіх беларусаў, пагоршылі матэрыяльны статус людзей у выніку яе патрабаваньня эканамічных санкцыяў супраць народа (пад выглядам -- супраць Лукашэнкі) і інш.

Тэарэтычна (і гэта прадугледжана правам) пазьбегнуць сьледзтва і суду Ціханоўская магла б толькі ў выніку пакаяньня, публічнага адмаўленьня ад хлусьні, ад апекі агентуры і ў выніку пераходу на пазыцыі рэальнага спрыяньня беларускаму народу і беларускаму Адраджэньню. Практычна (прынамсі да ліквідацыі рэжымаў Пуціна-Лукашэнкі) такое не рэальна.


6 ліпень 2023 г.

Зянон Пазьняк

Anchor 1
bottom of page