ДВАНАЦЦАТЫ КРАСАВІК
- knihivolnajabel
- 2 days ago
- 4 min read
Дзень 11-га красавіка і ноч 12-га красавіка зьяўляюцца адначасна і змагарным часам беларускай Фронтаўскай палітыкі, і таксама сьведчаньнем антыканстытуцыйнай агрэсіі, пачаткам дзяржаўнага перавароту антыбеларускай, антынацыянальнай улады Лукашэнкі.
Масквой і Лукашэнкам быў задуманы антыканстытуцыйны рэфэрэндум у Беларусі, які сьведчыў аб падрыхтоўцы прававай базы для ўсталяваньня антынацыянальнай палітыкі і антыбеларускай улады ў Беларусі.
У Вярхоўным Савеце ў гэты час дамінавала кебічаўская, кіруемая КГБ дэпутацкая група "Беларусь" (уся намэнклятура, "ветэраны" і былыя камуністы), якая падтрымлівала антыканстытуцыйныя намеры Масквы і Лукашэнкі.
У гэты час (красавік 1995 г.) адбывалася чарговая сэсія Вярхоўнага Савета. Усе довады Апазыцыі БНФ аб немагчымасьці незаконнага рэфэрэндума (аб ўвядзеньні расейскай мовы ў якасьці дзяржаўнай, аб замене дзяржаўнага нацыянальнага сьцяга і гэрба Пагоня на савецкія сымвалы і інш.), усе высілкі, спробы, аргумэнты, дыпляматычныя захады і т. п. -- усё разьбівалася аб гэбоўска-намэнклятурны бэтон дэпутатаў былога СССР. Мы разумелі, што на Беларусь насоўваецца палітычная катастрофа. Гэтыя дачасьнікі з сьведамасьцю былога Савецкага Саюзу зманіпулююць і сфальсіфікуюць усё і загоняць краіну ў пастку русіфікацыі і дыктатуры. Трэба было зрабіць нешта немагчымае нам, 27-мі фронтаўцам, у 345-асабовым намэнклятурным парляманце.
Гэта было 10-га красавіка. Назаўтра пытаньне аб незаконным рэфэрэндуме павінна было вырашацца на сэсіі. Калі мы зайшлі ў свой 363-ці пакой Апазыцыі БНФ, я сказаў па сутнасьці наступнае: панове, сябры, прапаную: мы ня выйдзем адсюль, з гэтага пакоя, хоць бы дзень і ноч, пакуль ня вырашым, што зробім, каб уратаваць краіну. Думаем і прапануем. Усе ўсё разумелі. Урэшце, мы прынялі рашэньне аб дэманстратыўнай пратэстнай галадоўцы ў залі сэсіі і назаўтра тое ажыцьцявілі.
Пасьля майго кароткага выступу на сесіі пра сутнасьць пытаньня і пра пачатак галадоўкі мы селі на падлогу насупраць іх усіх і глядзелі ім у вочы. Маўляў, ну, самагубцы, мы бачым, што хочаце вы рабіць.
Стала ціха. А потым пачалі выступаць сур'ёзна і ўзрушана, сталі падтрымліваць нашу пазыцыю і закон.
У выніку галасаваньня праваліліся ўсе антыканстытуцыйныя пытаньні, прыдуманыя маскоўска-гэбоўскай камандай Лукашэнкі (акрамя аднаго -- аб эканамічных інтэграцыйных стасунках з Расеяй). З Лукашэнкам здарылася гістэрыка. Ён доўга крыкліва лямантаваў і потым выйшаў з залі разам з аховай. Галадоўка працягвалася.

Пра гэта ўжо падрабязна апісана (найбльш Сяргеем Навумчыкам), зьнята на відэа рэжымнымі апэратарамі (таемныя стужкі, магчыма, у Лукашэнкі). Ноччу ў парлямант па загаду Лукашэнкі ўвялі войска, цэлы батальён (600 салдат -- "Альфа" і іншыя). Дэпутатаў жорстка зьбілі ваенныя і вывезьлі ў розныя канцы Менска.
На раніцы мы зрабілі заяву Генэральнаму пракурору В. Шаладонаву. Генэральны пракурор узбудзіў справу. На Прэзыдыюме Вярхоўнага Савета, дзе мы (дэпутаты Апазыцыі БНФ) ўсе прысутнічалі, прынялі рашэньне: сёньня ж (12. 04. 1995г.) паставіць пытаньне на сесіі ў Вярхоўным Савеце аб Лукашэнку згодна Канстытуцыі і Крымінальнага кодэксу аб расьследваньні справы. Згодна закону вынікам разгляду павінна было стаць прапыненьне фукцый улады прэзыдэнта на пэрыяд вытворчасьці крымінальнай справы.
Фактычна, для Лукашэнкі ўжо набліжаўся канец. Калі мы прыйшлі да Вярхоўнага Савета, то ўбачылі, што будынак акружаны войскам і міліцыяй. Нас усіх, і нават Старшыню Вярхоўнага Савета М. Грыба, не пускаюць у парлямант па загаду хунты Лукашэнкі. Мы спачатку нешта даказвалі мянтам, а потым прабіліся на сэсію сілай.
Калі мы ўвайшлі ў залю, то ўбачылі бледнага, спалоханага старшыню Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба, які нешта мямліў аб працягу сэіі і не паставіў пытаньня аб разглядзе злачынства Лукашэнкі (пра што дамовіліся і што вырашылі разам зь ім на Прэзыдыюме).
Агульнае рэзюмэ для нікчэмнай улады такое. За ўсю нашу гісторыю змаганьня 90-х гадоў было некалькі паваротных пунктаў у гісторыі, якія маглі ў корані перамяніць будучыню Беларусі. І ўсюды яны былі здраджаныя і арнаваныя першымі людзьмі краіны -- старшынямі Вярхоўнага Савета. І толькі 25 Жніўня 1991 года нам (Апазыцыі БНФ) удалося вырваць незалежнасьць краіны, нягледзячы на апантаны супраціў Шушкевіча і камуністаў (якіх мы тады таксама забаранілі).
Першая здрада -- М. Дземянцей. Пушчаны пад адкос усенародны страйк супраць улады ў Менску (красавік -- 1991 г.).
Другая вялікая здрада -- С. Шушкевіч; асабістая віна. 1992 год -- пушчаны пад адкос (незаконна і нахабна) рэфэрэндум аб новых усенародных выбарах новага Вярхоўнага Савета, цынічна адкінута рашэньне Цэнтральнай Выбарчай Камісіі і амаль паўмільёна подпісаў беларусаў аб новых выбарах. Калі б выбары тады адбыліся, Беларусь была б іншай.
Трэцяя вялікая здрада -- М. Грыб; 1995 год. Пушчана пад адкос крымінальная справа аб злачынстве Лукашэнкі (аб увядзеньні ў час сесіі войска ў парлямант і зьбіцьці дэпутатаў), аб неабходнасьці адхіленьня яго ад улады.
Чацьвёртая здрада -- С. Шарэцкі; 1996 год. Жахлівая прадажнасьць. Пушчаны пад аткос цалкам падрыхтаваны імпічмант Лукашэнкі. Адбылася поўная капітуляцыя кіраўніцтва Вярхоўнага Савета перад Масквой. Потым сталася адмена законнай Канстытуцыі і дзяржаўны пераварот.
У той час, калі парлямантам і краінай па чарзе кіравалі гэтыя баязьлівыя, нерашучыя, недалёкія людзі, знайшоўся толькі адзін кіраўнік, які чхаў на законы, на Канстытуцыю, на прыстойнасьць, на народ, які пазабіваў сваіх апанентаў, нічога не баяўся і загнаў Беларусь пад Маскву. Завуць яго Лукашэнка.
І тут можа ўзьнікнуць пытаньне: чаму не прынялі яго з дарогі ні ў 1995-м, ні ў 1996-м, калі ўвесь закон і ўся праўда казалі тое рабіць? Адказ просты. Таму што тады яго (Лукашэнку) ірацыянальна і феерычна падтрымлівала бальшыня тагачаснага грамадзтва. Калі зманіпуляванае, запрапагандаванае грамадзтва знаходзіцца ў стане ірацыянальнай масы, яно праўды не прамае.
Далей ня стану пісаць. Усе гэтыя падзеі -- матэрыял для развагаў над гераізмам змаганьня і над масавай псіхалогіяй дыктатуры.
Падрябязна пра падзеі трыццацігадовай адлегласьці напісана Сяргеем Навумчыкам, які адлюстраваў той трагічны для нашай гісторыі час.
11 красавік 2025 г.
Зянон ПАЗЬНЯК